Упершыню ў Менску – трыенале маладых мастакоў

Два паверхі Палацу мастацтва аддалі творцам, маладзейшым за 31 год. Побач з жывапісам, скульптураю, графікай і сучасны жанр – генератыўнае мастацтва, то бок карціны, створаныя з дапамогаю камп’ютарнага алгарытму.

«Па сутнасці я пішу праграмны код, які пачынае ствараць гэтыя працы. Вынік выходзіць не зусім прадказальны, і гэта, магчыма, галоўнае, што мне падабаецца ўва ўсім гэтым», – распавядае мастак Кірыл Дзямура.

Ад тэхналогіяў да традыцыі – біблейны сюжэт Дабравешчання ў інтэрпрэтацыі мастачкі Хрысціны Мельнік. Аўтарка працуе ў старажытнай тэхніцы ляўкас і стварае своеасаблівую стылізацыю абразоў:

«Я натхнялася храмавымі фрэскамі Свята-Праабражэнскай царквы ў Полацку – гэта адзіны помнік ХІІ стагоддзя, дзе захаваліся фрэскі. Ёсць пэўныя каноны, пэўная стылізацыя ў гэтых вобразах і стрыманая гама».

Для выпускніцы Універсітэту культуры Кацярыны Давыдавай гэта дэбютная выстава. Керамістка аздабляе сучасныя формы дагістарычнымі ўзорамі:

«Мне было цікава пачаць паказваць свае працы. Можа, штосьці з гэтага выйдзе. Таксама было цікава паглядзець, што робяць студэнты з іншых універсітэтаў».

Трыенале, якое адначасова і конкурс, заснавала сёлета Міністэрства культуры, каб паказаць найлепшае ў маладым мастацтве. Адбор прайшлі 140 прац, якія трапілі і ў каталог выставы. Журы вызначыць пераможцаў у 8 намінацыях, сярод якіх манументальнае мастацтва, інсталяцыя і куратарскі праект. Прычым асобна ацэньваюцца творы студэнтаў і ўжо вядомых мастакоў, такіх як Алеся Скарабагатая або Алесь Багданаў.

Аддаць голас за свайго фаварыта могуць і гледачы. Мне, напрыклад, даспадобы казачная графіка Марыны Жвірблі. Пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі. Узнагароджанне адбудзецца 23 жніўня, за дзень да закрыцця выставы.

Аляксандра Дорская, belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Больш матэрыялаў

Першы фестываль традыцыйнай музыкі «Rajok» на Карла Маркса ў Менску

15 невядомых песень Мулявіна аднавілі дзякуючы аднаму аўдыязапісу

«Народны альбом: Ненаўмысны шэдэўр» на фестывалі «Лістапад»

Прэмʼера фільму пра НКУС і Курапаты адбудзецца 16 верасня ў сталічным кінатэатры «Масква»

«Я звязаны з Вялікім княствам Літоўскім». Гісторык моды Аляксандра Васільеў – на выставе ў Менску

Захар Кудзін прапануе Менску альтэрнатыўныя помнікі

«Яго цікава маляваць». У Віцебску з’явіўся партрэт Быкава

Стаў вядомы склад савету, што забараніў канцэрт Алеся Дзянісава