Спорт на лаве падсудных: у Менску судзяць Васіля Хамутоўскага

Былы брамнік нацыянальнай зборнай па футболе, чэмпіён Беларусі як у ролі гульца, так і трэнера, двухразовы чэмпіён і ўладальнік кубка Румыніі. Сёння Васіль Хамутоўскі – на лаве падсудных суда Ленінскага раёну Менску. Працэс вядзе так званая суддзя Таццяна Шоцік.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Васіль – гэта ўвогуле адзін з самых сумленных спартоўцаў, якіх я толькі сустракаў. Гэта сапраўды чалавек са стрыжнем, чалавек са сваім меркаваннем», – кажа кіраўнік Фонду спартовай салідарнасці Аляксандр Апейкін.

Славутага брамніка вінавацяць у нібыта актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Напярэдадні праваабаронцы прызналі Васіля Хамутоўскага палітычным зняволеным.

«Чалавека не могуць судзіць за грамадзянскую пазіцыю, якая не супярэчыць нават дзейнай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь», – мяркуе галоўны трэнер футбольнага клубу «Львів» Алег Дулуб.

У 2020 годзе Васіль Хамутоўскі падпісаў адкрыты ліст спартоўцаў з заклікам спыніць гвалт у дачыненні мірных беларусаў ды вызваліць зняволеных. Пасля гэтага ён з’ехаў з Беларусі, працаваў ва Украіне на трэнерскай пасадзе. Калі ж Хамутоўскі сёлета ў верасні вярнуўся ў Беларусь, яго затрымалі і асудзілі на 13 содняў адміністратыўнага арышту. Неўзабаве супраць Васіля завялі крымінальную справу.

«Пры чым затрыманы, скажам так, без выстаўлення нейкіх абвінавачанняў. У яго ў тэлефоне знайшлі перапост з нейкага сайту, які ён даслаў сваёй жонцы», – канстатуе Алег Дулуб.

Тое, як Лукашэнка абыходзіцца са спартоўцамі, якія ў 2020 выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, «спартовымі паводзінамі» не назавеш. Праз рэпрэсіі прайшлі баскетбалісты Алена Леўчанка і Ягор Мешчаракоў, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка, гандбольны трэнер Канстанцін Якаўлеў, кікбаксёр Іван Ганін ды многія іншыя.

«Гэта да пытання пра тое, што спорт па-за палітыкай. Атрымліваецца, што сітуацыя, якая складваецца вакол Васіля Хамутоўскага і іншых, яна лішні раз падкрэслівае, што, напэўна, у дадзенай сітуацыі спорт – ёсць адным з праваднікоў палітыкі дзяржавы», – кажа Алег Дулуб.

Адзін з апошніх прыкладаў рэпрэсіяў рэжыму супраць спартоўцаў – завочныя прысуды, 12 гадоў пазбаўлення волі стваральнікам Фонду спартовай салідарнасці: алімпійскай прызёрцы, плыўчысе Аляксандры Герасімені і гандбалісту Аляксандру Апейкіну. А 15 снежня стала вядома пра затрыманне прызёркі Алімпійскіх гульняў Надзеі Астапчук. Фонд спартовай салідарнасці паінфармаваў пра гэта Міжнародны алімпійскі камітэт, які, у сваю чаргу, звярнуўся ў Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларусі.

«На наступны год у нас распрацаваная праграма для падтрымання спартоўцаў, якія застаюцца за кратамі. Цяпер за кратамі – больш за 30 спартоўцаў», – адзначае Аляксандр Апейкін.

Адзін з іх – Васіль Хамутоўскі. Два гады таму праз наш канал ён віншаваў беларусаў з Раством і Новым годам вось такімі словамі:

«Гэты год быў вельмі складаны і цяжкі для нашай краіны. Але мы адчулі сябе нацыяй, мы абʼядналіся, мы кансалідаваліся, мы навучыліся дапамагаць адно аднаму ў цяжкія хвіліны!»

Алесь Яшчанка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама