«Дозы для наркамана». Эканаміст Раманчук распавёў, як Лукашэнка загнаў сябе і Беларусь у пастку Расеі

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна ў Маскве, 9 верасня 2021 года. Фота: Mikhail Metzel / TASS / Forum

Перамовы 9 верасня ў Маскве сталі для Аляксандра Лукашэнкі адначасова піраваю перамогай і пасткаю. Пра гэта ў інтэрв’ю «Белсату» распавёў беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук.

Эканаміст нагадаў, што Лукашэнка пагадзіўся на цану за расейскі газ на ўзроўні 2021 года.

«І ў сітуацыі, калі цана газу для Еўропы – $ 700 за тысячу кубаметраў, нават са зніжкай 30 % Беларусі за год трэба было б заплаціць недзе $ 10 мільярдаў. А так яна заплоціць толькі $ 2,3 мільярда. Гэта, безумоўна, той бонус, які атрымаў Лукашэнка за падпісанне дарожных мапаў. За тое, што ён, па сутнасці, аддае вайсковую палітыку і ВПК для Расеі, бо тут уніфікацыя будзе звязаная хутчэй за ўсё з тым, што расейскія войскі будуць пачувацца ў Беларусі, як у сябе», – заявіў Яраслаў Раманчук.

Супольныя расейска-беларускія вучэнні завершацца, але войскі РФ гэтым разам застануцца

Таксама, паводле Раманчука, пытанні, аднесеныя на 2022 год, макраэканоміка, падаткі, мытня ды іншыя, дэ-факта ёсць часткаю здачы эканамічнага суверэнітэту.

«Лукашэнка, мабыць, моцна рызыкуе. Ён спадзяецца, што на працягу гэтага года нешта здарыцца і можна будзе забалбатаць праблему. Безумоўна, цяпер важна было атрымаць крэдыты і добрую цану за газ. Бо без гэтага быў бы калапс беларускай эканомікі з велізарнымі сацыяльна-эканамічнымі наступствамі. Ён дасягнуў тактычных задачаў, але за кошт таго, што яшчэ больш уцягнуў сябе ў прававую пастку, з якой ні для яго, ні для Беларусі добрага выйсця няма», – мяркуе эканаміст.

Што датычыць абяцанага Расеяй крэдыту прыблізна $ 630 мільёнаў, то яны перадусім пойдуць для абслугоўвання расейскіх крэдытаў, каб Лукашэнку «яшчэ лепш адчуваць сябе», заявіў Яраслаў Раманчук:

«Гэта як яшчэ дзве – тры дозы для наркамана, які без іх не можа жыць».

Разам з тым, на думку адмыслоўца, з дапамогаю гэтых пагадненняў Пуцін перадусім плануе павялічыць расейскі ўплыў у Беларусі:

«Пры дапамозе гэтых пагадненняў ён зробіць уплыў расейскай эліты на беларускіх чыноўнікаў яшчэ большым. І праз год дзякуючы гэтаму Лукашэнка сярод свайго атачэння не знойдзе людзей, якія б былі лаяльнымі яму, а не Пуціну».

Узгадненне саюзных праграм і новы крэдыт. У Маскве прайшлі перамовы Пуціна і Лукашэнкі

Нагадаем, што 9 верасня ў Маскве прайшлі перамовы паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Асноўныя вынікі сустрэчы:

  • узгаднілі і падпісалі ўсе 28 праграмаў Саюзнай дзяржавы;
  • пастанавілі зняць усе ковідныя абмежаванні, што датычаць авіяцыйнага транспарту;
  • цана на расейскі газ для Беларусі ў 2022 годзе будзе такой жа, як і сёлета;
  • агульны аб’ём крэдытаў з верасня гэтага года да канца 2022-га складзе каля $ 630 мільёнаў;
  • сфармуюць адзіную абаронную прастору для Расеі і Беларусі для запэўнівання бяспекі;
  • створаць адзіны рынак нафты і нафтапрадуктаў, а таксама дамовіліся аб адзіным рынку электраэнергіі.

Рашэнне ўвесці адзіную валюту пакуль адклалі, заявіў Лукашэнка.

Падпісанне саюзных праграмаў прызначылі на дзень, калі Расея святкуе перамогу над Рэччу Паспалітай

Праграмы Саюзнай дзяржавы, якія паглыбяць інтэграцыю Беларусі і Расеі, плануюць зацвердзіць на Найвышэйшым дзяржаўным савеце Саюзнай дзяржавы, што мае сабрацца 4 лістапада 2021 года.

МГ belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны