Беларуская грамада Бельску-Падляскага рупліва захоўвае культуру продкаў. Беларушчына прысутнічае паўсюль, таму нават бурмістр гораду шпарка гаворыць па-беларуску. Але ці надоўга гэта?
У Бельску-Падляскім традыцыйна побач жылі беларусы, палякі і ўкраінцы. Цяпер горад належыць Польшчы, якая забавязалася надаць шырокія правы нацыянальным меншасцям, сярод якіх і беларусы.
Беларусы пастараліся напоўніцу скарыстацца сваймі правамі. Напрыклад, у Бельску ладзяцца разнастайныя фестывалі і конкурсы, працуе беларускі ліцэй. Але не ўсё гэтак добра, як здаецца. Бельскія беларусы пакрысе пераўтвараюцца ў палякаў.
«Вельмі цяжка адказаць маладому чалавеку, навошта яму вывучаць беларускую мову, калі нават у Беларусі гэтай мовы не чуваць, – тлумачыць дырэктар ліцэю Андрэй Сцепанюк. – Так што я гэта паўтараю ўжо даволі многа гадоў і, здавалася, што ў Беларусі штосьці зменіцца, але… Яшчэ крыху будзем чакаць».
Бурмістр Бельску Яраслаў Бароўскі, дырэктарка дому культуры Альжбета Фіёнік, дырэктар беларускага ліцэю Андрэй Сцепанюк, пробашч парафіі Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Ежы Багацэвіч і радыёжурналіст Лукаш Сцепанюк распавялі пра бельскіх беларусаў, пра беларускае культурнае жыццё гораду і падзяліліся сваім бачаннем будучыні беларускасці ў Бельску.
Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 19:10. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.