У Менску няма вуліцы Ватэрлоўскай, затое ёсць Барадзінская. Чаму адну бітву Напалеона палічылі важнейшай за іншую? Чым нагэтулькі прыкметная Барадзінская бітва, што яна атрымала ўласную вуліцу ў нашай сталіцы?
Кожны беларус памятае радкі выбітнага расейскага паэта Міхаіла Лермантава:
– Да, были люди в наше время,
Не то, что нынешнее племя:
Богатыри – не вы!
Плохая им досталась доля:
Немногие вернулись с поля…
Не будь на то господня воля,
Не отдали б Москвы!
Верш «Барадзіно» прысвечаны аднайменнай бітве 7 верасня 1812 года. Тады войскі Французскай імперыі разам з кантынгентамі саюзных дзяржаваў сышліся ў бітве з войскамі Расейскай імперыі.
Гэта вельмі цікава і займальна, але да чаго тут беларусы? І адкуль у Менску вуліца Барадзінская?
Разабрацца паспрабаваў музыка Лявон Вольскі. Больш за тое: ён рызыкнуў выказаць уласнае меркаванне пра тое, хто ўсё ж перамог у бітве пад Барадзіном!
Спадар Юрась, які жыве на гэтай вуліцы, падзяліўся цвярозым і спакойным поглядам на бурлівыя падзеі сівой мінуўшчыны. А таксама агучыў сваю версію паходжання назвы.
Гістарычны кантэкст бітвы апісаў гісторык Уладзімір Плавінскі: патлумачыў сутнасць рэкрутчыны, якая загубіла літаратурны талент Паўлюка Багрыма і супраць якой падымаў мужыкоў на барацьбу Кастусь Каліноўскі, а таксама адзначыў, колькі беларусаў было ў расейскім войску ў 1812 годзе.
Праграму «Шыльды» глядзіце штонядзелю а 20:00 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.
Калаж з фота: commons.wikimedia.org