У Менск прыйшоў «Лістапад». У праграме найбуйнейшага ў Беларусі кінафестывалю амаль 160 стужак, палова – конкурсныя: ёсць і тытулаваныя ўладальнікі прэстыжных прэміяў, і еўрапейскі арт-хаўс, і дзёрзкая маладая школа.
На «Лістападзе» пакажуць фільмы, знятыя для «Белсату»: «25» Андрэя Куцілы, «Друя» Іллі Бажко, «200 000 абаротаў» Кацярыны Маркавец.
Фільм «25» Андрэя Куцілы распавядае пра маладых людзей, народжаных у незалежнай Беларусі. Пра што яны мараць? Ці маюць амбіцыі? А можа ім хапае чаркі ды скваркі? Штодзённасць герояў фільму – гэта пульс жыцця маладой Беларусі.
Стужка «Друя» Іллі Бажко распавядае пра беларускае мястэчка, у якім найбольш захоплівае не яго гісторыя, не канкрэтныя даты і не імёны людзей, а атмасфера.
Стужка «200 000 абаротаў» Кацярыны Маркавец (Севасцянавай) расказвае пра напалову спаралізаванага Сашу Аўдзевіча, які адважыўся на авантуру – паехаць да Балтыйскага мора на ровары з ручным прывадам. Каб ажыццявіць сваю мару, Аляксандру трэба праехаць больш за 500 км, гэта значыць, зрабіць 200 000 абаротаў рукамі.
Летась найлепшым дакументальным фільмам у Нацыянальным конкурсе міжнароднага фестывалю «Лістапад» прызналі стужку «Госці», якую зняў адмыслова для «Белсату» рэжысёр Андрэй Куціла.
У асноўным конкурсе мастацкага кіно сёлета ёсць фільмы з Чэхіі, Польшчы, Румыніі, Францыі, Кыргызстану, а беларускіх стужак – няма.
На думку экспертаў, беларускае мастацкае кіно развіваецца, але стаць у шэраг з пераможцамі Канаў пакуль не гатовае.
«Гэта такі ўзровень вельмі высокі, гэта фільмы майстроў, якія прызнаныя ў свеце, і на жаль няма такіх беларускіх стужак, якія маглі б спаборнічаць з гэтымі фільмамі на роўных», – зазначае Мікалай Лаўрынюк, каардынатар нацыянальнага конкурсу фестывалю «Лістапад».
Але беларускае кіно імкліва расце, і ў нацыянальным конкурсе сёлета чакаецца гарачая барацьба. Адна з фаварытаў у мастацкай частцы – стужка «Душы мёртвыя» рэжысёра Віктара Красоўскага: знятая адным кадрам карціна распавядае пра завод, дзе працуюць інваліды, якіх наймаюць з прычыны падатковых ільготаў. Рэжысёр Віктар Красоўскі чакае беларускага гледача.
«Я думаю, кожны чалавек у Беларусі хоча глядзець добрае кіно, калі ён яшчэ даведаецца, што гэта беларускае кіно, ён будзе ўдвая больш рады», – кажа Віктар Красоўскі.
ІНШЫЯ ТЭМЫ:
.К і яе працяг.
Нотамі – пра актуальнае. Кампазітары дыскутуюць з менчукамі.
«Знахар», Палессе і польская літаратура.
Бывай, Сонечны Клоўн!
Настасся Храловіч, Вольга Гардзейчык, «Белсат». Фота belarus.by