Дамовіліся дамаўляцца. Што ў 28 «дарожных мапах»

Урад Расеі каротка апісаў 28 пагадненняў між Беларуссю і Расеяй. Калі верыць напісанаму, ні пра што канкрэтнае яшчэ няма дамоваў – толькі пагадненні пра нешта дамовіцца ў будучыні.

Пуцін падчас перамоваў з Лукашэнкам 9 верасня. Фота: Kremlin.ru

У Менску 10 верасня прайшло паседжанне савету міністраў «саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі, на якім былі ўхваленыя «Асноўныя напрамкі рэалізацыі палажэнняў Дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы на 2021–23 гады» і 28 «саюзных праграмаў» інтэграцыі, аб якіх днём раней дамовіліся Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін. Прэм’еры Беларусі і Расеі падпісалі адпаведную пастанову.

Урад Расеі апублікаваў апісанні тых праграмаў. З апісання бачна, што бакі дамовіліся ў будучыні «сінхранізаваць» і «гарманізаваць» законы і агульныя падыходы, заключыць новыя дамовы, распрацаваць новыя праграмы і тарыфы, «каардынаваць» цэнаўтварэнне.

Падпісанне саюзных праграмаў прызначылі на дзень, калі Расея святкуе перамогу над Рэччу Паспалітай

Але нічога канкрэтнага, калі верыць напісанаму, яшчэ не прынялі, дамовы аб, напрыклад, цане на газ ці нафту няма, як няма і даты скасавання роўмінгу. Толькі ў некаторых пунктах пазначаныя даты, да якіх збіраюцца дамовіцца.

Напрамкі гэтых пагадненняў аб намеры дамовіцца такія:

  1. Збліжэнне макраэканамічнай палітыкі.
  2. Гарманізацыя грашова-крэдытнай палітыкі і макрапрудэнцыяльнага рэгулявання.
  3. Гарманізацыя валютнага рэгулявання і валютнага кантролю.
  4. Гарманізацыя патрабаванняў інфармацыйнай бяспецы ў фінансавай сферы.
  5. Гарманізацыя нормаў рэгулявання фінансавых арганізацыяў, і фінансавага рынку агулам, у тым ліку забеспячэнне стварэння адзіных прынцыпаў страхавання ўкладаў.
  6. Гарманізацыя патрабаванняў у галіне процідзеяння адмыванню грашовых сродкаў і фінансавага тэрарызму.
  7. Інтэграцыя плацежных сістэмаў у галіне нацыянальных сістэмаў плацежных картак, сістэмаў перадачы фінансавых паведамленняў і разлікаў, укараненне міжнароднага стандарту фінансавых паведамленняў ISO 20022, сістэмы хуткіх плацяжоў, гарманізаваных падыходаў у галіне нагляду і назіранні за аплатнымі сістэмамі.
  8. Гарманізацыя патрабаванняў у абароне правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і інвестараў, а таксама прадухілення нядобрасумленных практыкаў на фінансавым рынку.
  9. Інтэграцыя інфармацыйных сістэмаў дзяржаўных кантрольных органаў у наглядзе за тавараў.
  10. Інтэграцыя інфармацыйных сістэмаў у маркіроўцы тавараў.
  11. Гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства і супрацы ў мытнай сферы.
  12. Інтэграцыя інфармацыйных сістэмаў дзяржаўных кантрольных органаў у ветэрынарным і каранцінным фітасанітарным кантролі.
  13. Інтэграцыя інфармацыйных сістэмаў транспартнага кантролю.
  14. Уніфікацыя рэгулявання транспартнага рынку.
  15. Фармаванне аб’яднанага рынку газу.
  16. Фармаванне аб’яднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў.
  17. Фармаванне аб’яднанага рынку электрычнай энергіі.
  18. Уніфікацыя заканадаўства ў эксплуатацыі аб’ектаў ядзернай энергетыкі.
  19. Фармаванне адзінай аграрнай палітыкі.
  20. Фармаванне адзінай прамысловай палітыкі.
  21. Увядзенне адзіных правілаў доступу да дзяржаўнага заказу і дзяржаўных закупках.
  22. Адзіныя правілы ў абароне правоў спажыўцоў.
  23. Адзіныя правілы канкурэнцыі.
  24. Уніфікацыя патрабаванняў да арганізацыі і ажыццяўлення гандлёвай дзейнасці.
  25. Фармаванне адзіных прынцыпаў функцыянавання адзінага рынку сувязі і інфарматызацыі, скасаванне роўмінгу.
  26. Уніфікацыя рэгулявання бухгалтарскага ўліку і складання фінансавай справаздачнасці.
  27. Уніфікацыя заканадаўства ў турыстычнай дзейнасці.
  28. Правядзенне ўзгодненай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сферы.

Узгадненне саюзных праграм і новы крэдыт. У Маскве прайшлі перамовы Пуціна і Лукашэнкі

Чыноўнікі кажуць, пагрозы суверэнітэту няма

Раман Галоўчанка, архіўнае фота. Фота: ctv.by

«Вядома, трэба фармаваць адзіную прастору на прынцыпах адкрытасці, празрыстасці і ўзаемнага даверу, на правілах, якія ўлічваюць інтарэсы і патрэбнасці жыхароў і прадпрымальнікаў, зразумела, пры поўным захаванні суверэнітэту нашых дзяржаваў», – перадае «Інтэрфакс» словы расейскага прэм’ер-міністра Міхаіла Мішусціна.

Пра суверэнітэт казаў і ягоны беларускі калега Раман Галоўчанка, прэм’ер ураду Лукашэнкі:

«Па сутнасці, урадамі дзвюх краінаў была праведзеная інвентарызацыя палажэнняў дамовы аб стварэнні «саюзнай дзяржавы». На гэтай аснове сфармаваны новы пералік задачаў у мэтах далейшага развіцця адносінаў пры безумоўным захаванні як палітычнага, так і эканамічнага суверэнітэту. Гэты адказ тым, хто займаецца палітычнымі спекуляцыямі на тэме інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы».

Пуцін сабраўся ў Менск

Прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў запэўніў, што інтэграцыя будзе «працягвацца ў тым выглядзе, які будзе найлепшым чынам адпавядаць інтарэсам дзвюх краінаў».

Аб адзінай валюце пакуль гаворка не ідзе, дадаў ён, а пытанне прызнання анексіі Расеяй украінскага Крыму не абмяркоўвалі.

АА belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны