Місія ААН зоймецца расследаваннем гібелі ўкраінскіх палонных у Аленаўцы


Місія ААН наведае акупаваную Аленаўку, дзе ў выніку выбуху 29 ліпеня загінулі 53 украінскія палонныя.

Акцыя з патрабаваннем прызнаць Расею дзяржавай спонсарам тэрарызму пасля забойства ўкраінскіх ваеннапалонных у Аленаўцы. Кіеў, Украіна. 6 верасня 2022 года.
Фота: Stringer / Reuters / Forum

Пра гэта на паседжанні Рады Бяспекі заявіла намесніца Генеральнага сакратара ААН у палітычных пытаннях Роўзмары ДыКарла (Rosemary DiCarlo), паведамляе ўкраінская служба радыё «Свобода».

Місію ААН узначаліць генерал-лейтэнант Карлас Альбэрта дус Сантус Крус (Carlos Alberto dos Santos Cruz). Паводле ДыКарла, «місія павінна выканаць сваю задачу без якіх-небудзь перашкодаў, атрымаць поўны доступ да людзей, месцаў і доказаў».

ДыКарла назвала «канструктыўным» падыход РФ і Украіны і выказала надзею на далейшае падтрыманне. Яна зноў указала на тое, што прадстаўнікі Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа і Маніторынгавай місіі ў справе правоў чалавека ААН павінны мець доступ да ўсіх затрыманых у сувязі з баявымі дзеяннямі.

Hавiны
Генпракурор Украіны: Палонных у Аленаўцы маглі забіць з дапамогай тэрмабарычнай зброі
2022.08.02 00:05

Нагадаем, у ноч на 29 ліпеня ў акупаваным паселішчы Аленаўка на тэрыторыі былой папраўчай калоніі, дзе ўтрымліваліся ўкраінскія палонныя, адбыўся выбух. Загінулі не менш за 50 чалавек. Украіна абвінаваціла Расею ў спланаваным забойстве палонных, а Расея заявіла, што ЗСУ нанеслі па Аленаўцы ракетны ўдар з РСЗА HIMARS.

Журналісты тэлеканалу CNN, прааналізаваўшы даступныя відэа і фота трагедыі, прыйшлі да высновы, што слядоў ракетнага ўдару ў Аленаўцы не было, і версія расейскага боку выглядае непраўдападобна.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў