Вяселлі ў берасцейскім СІЗА №7, на жаль, становяцца новай традыцыяй. Свае сем’і ствараюць беларускія палітвязні. У кастрычніку мінулага году распісаліся Ганна і Раман Гвазделкі, у сакавіку – Святаслаў і Таццяна Герасімукі, а ў красавіку створана сям‘я Яўгеніі і Віктара Панцялеева. На іх вяселлі пабывалі і журналісты «Белсату».
Маладыя берасцейцы – 27-гадовы Віктар Панцялееў і 24-гадовая Яўгенія Аўчыннікава – былі разам цягам чатырох гадоў да траўня 2020 года. Абодва з гарачымі характарамі, увесну пасварыліся і разышліся. У канцы жніўня Яўгенія даведалася, што Віктар за кратамі, яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых закалотах у Берасці 10 жніўня. Дзяўчына напісала былому хлопцу ліст. У ліставанні маладыя людзі даравалі адно аднаму і зноў сышліся, а падчас спаткання ў СІЗА Віктар зрабіў Яўгеніі прапанову.
Віктара Панцялеева затрымалі 18 жніўня. Спачатку яго трымалі ў ізалятары часовага ўтрымання, а 21 жніўня перавялі ў СІЗА № 7 у Берасці і выставілі абвінавачванне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі: удзел у масавых закалотах, што, па версіі ўладаў, выявіўся ў гвалце над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам уладаў. Маладзёну пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўлення волі. Праваабаронцы прызналі Віктара Панцялеева палітвязнем.
Спачатку Яўгенія і Віктар хацелі распісацца пасля суду (які як раз зараз ідзе), паколькі з гэтай прычыны ў калоніі даюць доўгае спатканне. Але вырашылі не чакаць, новая сямʼя ўтварыліся 27 красавіка.
Яўгенія набыла кольцы, зрабіла фрызуру і апранула вясельны строй. Па дарозе разам з сваёй сяброўкай яна заехала за кветкамі, потым забралі з дому грамадзянскіх абрадаў рэгістратара шлюбаў. Такім складам паехалі ў СІЗА.
Цырымонія была нядоўгай, маладую пару распісалі, але не дазволілі ні абдымкаў, ні пацалункаў.
На двары каля сцен СІЗА Яўгенію чакалі каля 20 чалавек, у тым ліку бацькі іншых палітвязняў, якія прыйшлі павіншаваць дзеўчыну.
– Усё прайшло выдатна, я вельмі шчаслівая. Нас з Віктарам распісвалі ў невялікім пакоі з абразамі, прывялі майго каханага, ён вельмі моцна перажываў, спачатку нават не глядзеў на мяне, мы абмяняліся пярсцёнкамі, але потым іх забралі. Па працэдуры мы павінны стаяць у метры адзін ад аднаго, нельга абняцца, трымацца за рукі. Але ўсе роўна ўсё прайшло добра, эмоцыі цераз край. У нас у лютым было спатканне, а так мы не бачыліся з траўня, амаль год, – сказала адразу пасля роспісу ў размове з «Белсатам» Яўгенія.
Дзяўчына кажа, што падзеі жніўня мінулага году аб’ядналі беларусаў.
– Мне вельмі прыемна, што са мной гэтае свята прыйшлі падзяліць дзесьці чужыя людзі, дзесьці вельмі блізкія. Я заўсёды казала пра Беларусь, што ў нас усё жывуць па прынцыпе «мая хата з краю», а цяпер я бачу салідарнасць, дапамогу адзін аднаму, гэта вельмі крута, і тая сітуацыя, што здарылася ў нашай краіне, здарылася не проста так, мы моцна зʼядналіся, і тое, што адбылося ў жніўні, было гэтага варта. Не думала, што радасць уласнага вяселля я буду падзяляць з чужымі людзьмі, але мне гэта падабаецца, – не скрывае эмоцыяў Яўгенія.
Цяпер дзяўчына спадзяецца, што разам з Віктарам адгуляе вяселле ў новай Беларусі.
– Усе 253 дні, што Віктар знаходзіцца ў СІЗА, я ў думках рыхтавалася да гэтага. Але калі Віця зрабіў прапанову, усё роўна было нечакана. Для мяне шлюб адзін раз і назаўсёды. Як жа я памылялася, давядзецца пабрацца шлюбам другі раз. Першы – у СІЗА, другі ў свабоднай краіне, – кажа Яўгенія Панцялеева.
АС, belsat.eu