У выніку расейскага абстрэлу Украіны 10 кастрычніка загінулі 19 асобаў


У выніку масаванага расейскага ракетнага абстрэлу па тэрыторыі Украіны, што адбыўся раніцай 10 кастрычніка, загінулі 19 асобаў, 105 атрымалі раненні, паведамляе ДСНС Украіны.

У цэнтры ўкраінскай сталіцы прагучала некалькі выбухаў. Кіеў, Украіна. 10 кастрычніка 2022 года.
Фота: Белсат

У выніку ўчорашняга абстрэлу ўкраінскіх тэрыторыяў былі траплянні па аб’ектах крытычнай і цывільнай інфраструктуры ў 12 рэгіёнах і Кіеве, дзе адбылося больш чым 30 пажараў. Усе яны былі зліквідаваныя.

Станам на 7:00 раніцы 11 кастрычніка без энергазабеспячэння заставаўся 301 населены пункт у пяці вобласцях Украіны: Кіеўскай, Львоўскай, Сумскай, Тэрнопальскай і Хмяльніцкай. За содні энергетыкі аднавілі пастаўкі энергіі ў больш чым 3,5 тыс. населеных пунктаў Палтаўскай, Сумскай, Тэрнопальскай, Львоўскай, Кіеўскай і Хмяльніцкай вобласцяў.

У электразабеспячэнні ДСНС задзейнічаныя 22 электрастанцыі, у тым ліку 15 для ўстановаў аховы здароўя Днепрапятроўскай, Запарожскай, Сумскай, Харкаўскай і Чарнігаўскай вобласцяў, а таксама 7 электрастанцыяў для аб’ектаў крытычнай інфраструктуры.

У гашэнні пажараў і аварыйна-выратавальных працах задзейнічалі больш чым тысячу асобаў і каля 120 адзінак тэхнікі ДСНС.

Hавiны
Галоўнакамандуючы ЗСУ апублікаваў мапу нанясення ўдараў расейцамі
2022.10.10 23:05

Ранкам 10 кастрычніка за дзве хвалі абстрэлаў расейскія войскі выпусцілі больш за 80 ракетаў, што ўдарылі па гарадах Кіеў, Роўна, Хмяльніцкі, Тэрнопаль, Сумы, Харкаў, Крывы Рог, Жытомір, Львоў, Івана-Франкоўск і Вінніца. У выніку былі разбураныя шматлікія аб’екты інфраструктуры, падстанцыі, ЦЭЦ, а таксама цывільныя аб’екты. Паводле ўкраінскага боку, СПА збіла 45 ракетаў, а таксама 9 з 12 запушчаных беспілотнікаў.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў