Расея зноў наносіць ракетныя ўдары па тэрыторыі Украіны


Раніца 11 кастрычніка ва Украіне зноў пачалася з расейскіх абстрэлаў. На ўсёй тэрыторыі краіны, акрамя Крыму, абвешчаная паветраная трывога.

Крыніца: alerts.in.ua

Па Запарожжы раніцай ударылі 12 ракетаў С-300, ёсць траплянні ў цывільныя аб’екты, заявіў кіраўнік Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандр Старух. Дзве ракеты трапілі ў аўтасалон, у выніку загінуў чалавек. Узнік пажар, працаўнікам ДСНС удалося яго зліквідаваць. Астатнія ракеты трапілі ў навучальную ўстанову і амбулаторыю.

Вынікі абстрэлу Запарожжа раніцай 11 кастрычніка.
Фота: starukhofficial/Telegram

Паведамляюць пра выбухі ў Адэскай вобласці. Там збілі 3 беспілотнікі «Shahed 136», над Мікалаеўскай вобласцю – яшчэ 5, паведаміла камандаванне «Південь». Кіраўнік Мікалаеўскай АВА Віталь Кім паведамляе пра пуск яшчэ 10 ракетаў.

Таксама расейскія войскі ўдарылі па Ладыжынскай ЦЭС, заявіў кіраўнік Вінніцкай вобласці Сяргей Барзоў. Аднак, відаць, дзеля бяспекі, ён паправіў паведамленне і напісаў, што ў вобласць трапіла ракета, без удакладнення, куды менавіта.

ДСНС Украіны ў Кіеўскай вобласці пачала рассылку, у якой паведамляецца пра высокую імавернасць ракетных удараў па Украіне. Вядома, што ў Кіеўскай вобласці ўжо спрацавала сістэма СПА. Кіраўнік Кіеўскай АВА Аляксей Кулэба пацвердзіў, што ў Кіеўскай вобласці збілі ракету.

Таксама паведамляюць, што СПА працуе ў Хмяльніцкім, Роўне і Крывым Розе. Пралёты ракетаў заўважылі ў Жытомірскай і Івана-Франкоўскай вобласці.

Студыя «Белсат»
Наступствы крывавага абстрэлу Украіны Расеяй. Вечаровы эфір за 10 кастрычніка
2022.10.10 21:29

У выніку масаванага ракетнага абстрэлу па тэрыторыі Украіны, што адбыўся раніцай 10 кастрычніка, загінулі 19 асобаў, 105 атрымалі раненні. За дзве хвалі абстрэлаў расейскія войскі выпусцілі больш за 80 ракетаў, што ўдарылі па Кіеву, Роўне, Хмяльніцкім, Тэрнопалі, Сумах, Харкаве, Крывым Розе, Жытоміры, Львове, Івана-Франкоўску і Вінніцы. У выніку былі разбураныя шматлікія аб’екты інфраструктуры, падстанцыі, ЦЭЦ, а таксама цывільныя аб’екты.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў