Што трэба ведаць пра беларускі канал нерэгулярнай міграцыі


Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і Еўразвязу, штучна створаны рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, трывае ўжо пяць месяцаў. Belsat.eu нагадвае, як працуе канал нерэгулярнай міграцыі і з чым сутыкаюцца мігранты на гэтым шляху.

Фота: ПБ / Белсат

Еўразвяз сёлета фіксуе найбуйнейшую ў гісторыі плынь нерэгулярнай міграцыі праз тэрыторыю Беларусі. Крызіс распачаўся ў канцы траўня пасля скандалу з пасадкай самалёта Ryanair, які пацягнуў за сабой беспрэцэдэнтныя абмежавальныя захады з боку ЕЗ і ў тым ліку ўвядзенне сектаральных санкцыяў.

У гэтай сітуацыі рэжым Лукашэнкі даў зразумець, што разглядае міграцыйнае пытанне ў якасці механізму шантажу Еўразвязу і помсты за санкцыі. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў, што цяпер заходнія краіны будуць вымушаныя самастойна «лавіць» мігрантаў. Уладзімір Макей прыгразіў скасаваць супрацу з ЕЗ у пытаннях нелегальнай міграцыі, «калі на Захадзе на адумаюцца».

Пасля гэтых заяваў стаў назірацца выбуховы рост нерэгулярнай міграцыі праз беларускую мяжу. Толькі польскія памежнікі за гэты час зафіксавалі больш за 20 тысяч спробаў незаконна трапіць у Еўразвяз.

Аперацыя «Шлюз»

Як сцвярджае ініцыятыва ByPol, аперацыя беларускіх спецслужбаў для стварэння каналу незаконнай міграцыі атрымала назву «Шлюз». Паводле інфармацыі літоўскіх і польскіх уладаў, каардынуе плынь мігрантаў дзяржаўная кампанія «Цэнтркурорт», якая ўваходзіць у структуру Упраўлення справамі Лукашэнкі. Пры яе дапамозе шэраг турфірмаў афармляе турыстычныя візы ў Беларусь для людзей, якія маюць намер нелегальна трапіць у ЕЗ. Нядаўна амбасада Беларусі ў Дамаску размясціла спіс такіх упаўнаважаных фірмаў проста на сваім інфармацыйным стэндзе.

Фота: ПБ / Белсат

Паводле расследавання «KYKY», прадстаўнікі ўпаўнаважаных фірмаў могуць бесперашкодна ўваходзіць у «рэжымную зону» аэрапорту разам з кампютарамі і друкаркамі, каб афармляць візавыя хадайніцтвы за адмысловыя кошты. Як сцвярджаюць крыніцы «KYKY», турыстам, якія насуперак заканадаўству прылятаюць зусім без дакументаў, фірмы ТАА «ОскарТур» і ТАА «Візак» могуць зрабіць на месцы за 2000 долараў.

Аналітыка
Забытыя мільёны. Колькі грошай Беларусь атрымала ад Еўразвязу на ўмацаванне мяжы?
2021.07.09 07:00

Цана «турызму»

Спачатку перакідванне мігрантаў у Беларусь ажыццяўлялася пераважна самалётамі з Іраку (колькасць авіярэйсаў з гэтай краіны рэзка павялічылася пасля пачатку міграцыйнага крызісу). Аднак пасля кансультацыяў Еўразвязу з урадам Іраку наўпроставыя рэйсы ў Беларусь былі прыпыненыя. Цяпер мігранты сталі часцей выкарыстоўваць рэйсы з Дамаску, Бэйруту, Аману, Стамбулу і Дубаі.

За магчымасць апынуцца ў краіне ЕЗ выхадцы з Блізкага Усходу плацяць згодна з рознымі ацэнкамі ад $ 2000 да $ 20 000 тысяч (цана залежыць ад «пакету паслугаў»). Некаторым, каб сабраць патрэбную суму, даводзіцца распрадаваць ледзь не ўсю сваю маёмасць на радзіме.

Фота: ПБ / Белсат

З Нацыянальнага аэрапорту «турыстаў» вязуць у Менск, дзе засяляюць у гатэлі. Апошнім часам мігранты з Блізкага Усходу ў беларускай сталіцы часцей за ўсё могуць сустрэцца каля ГЦ «Галерэя», на Нямізе, а таксама каля гатэлю «Менск». Яны купляюць сім-карты, паходную вопратку і ежу. Калі фармуецца група, мігрантаў саджаюць у аўтобус і вязуць да мяжы з ЕЗ.

Hавiны
Іракцы адкрыта расказваюць, як з Беларусі трапіць у Літву без дакументаў
2021.08.03 18:35

Паводле саміх мігрантаў, беларускія памежнікі дапамагаюць ім праходзіць мяжу: шукаюць бяспечныя месцы для пераходу або нават самі ствараюць праходы ў драцяной агароджы.

У выходныя, 23–24 кастрычніка, польскія ўлады заявілі пра спробу сілавога штурму мяжы з беларускага боку дзвюма групамі, 60 і 70 асобаў. Пры гэтым у польскіх памежнікаў кідалі камяні і галлё – двое з іх пацярпелі. Прэс-сакратарка Памежнай аховы Польшчы Анна Міхальска заявіла, што беларускія сілавікі ў цывільным не толькі заахвочвалі мігрантаў штурмаваць агароджу мяжы, але і ўласнаручна рэзалі калючы дрот.

Hавiны
Тэгеран выказаў «сурʼёзную заклапочанасць становішчам іранскіх грамадзянаў на беларуска-літоўскай мяжы»
2021.10.25 13:17

Узмацненне абароны

Спачатку мігранты спрабавалі трапіць у ЕЗ пераважна праз мяжу з Літвой. У першыя месяцы літоўскі бок прымаў гэтых людзей у сябе і размяшчаў у лагеры для ўцекачоў. Але са жніўня Літва вырашыла не прапускаць мігрантаў і вяртаць іх у Беларусь. Аналагічнай тактыкі прытрымліваюцца Польшча і Латвія. У выніку колькасць удалых пераходаў мяжы істотна скарацілася. Паводле Службы памежнай аховы Польшчы, паспяхова пераходзяць мяжу толькі каля 5 % мігрантаў.

Фота: ПБ / Белсат

Рашэнне вяртаць мігрантаў у Беларусь суправаджаецца надзвычайнымі захадамі для абароны еўрапейскай мяжы. Краіны ЕЗ усталёўваюць агароджы, далучаюць да аховы мяжы вайскоўцаў і іншыя сілавыя структуры.

Фота
Беларускія службы абмундзіравалі мігрантаў у вайсковы камуфляж. Фота
2021.09.29 19:41

Улады Беларусі ў сваю чаргу таксама адмаўляюцца пускаць назад мігрантаў. На дапамогу памежнікам накіравалі спецназ войскаў МУС.

Трагедыі на мяжы

Некаторыя мігранты распавядаюць, што іх некалькі разоў выштурхоўваюць то на адзін бок мяжы, то на іншы. У выніку яны вымушаныя заставацца ў памежнай зоне пад адкрытым небам, без ежы, цёплай вопраткі і грошай.

Часам такая сітуацыя прыводзіць да трагічных наступстваў. Ад пачатку міграцыйнага крызісу толькі на польскай мяжы загінулі не менш за 9 мігрантаў. Таксама паведамлялася пра смерці на мяжы з Літвой. Часцей за ўсё прычынай смерці станавілася пераахалоджванне і праблемы з сэрдцам. Ёсць інфармацыя пра выпадкі, калі цяжарныя жанчыны страчвалі дзяцей у гэтых невыносных умовах. Некаторыя мігранты на мяжы зніклі без звестак – іхныя сваякі кажуць, што яны ўжо некалькі тыдняў не выходзяць на сувязь.

Hавiны
Мігранты на польскай мяжы распавялі, як іх абакралі беларускія сілавікі
2021.10.16 12:29

Упраўленне вярхоўнага камісара ААН у гэтай сітуацыі крытыкуе дзеянні і ўладаў Беларусі, і ўладаў краінаў ЕЗ, заклікаючы ўсіх спыніць парушэнні правоў уцекачоў.

Пры гэтым асноўная маса мігрантаў не хоча рэгістравацца ў Літве або Польшчы, а імкнецца трапіць у Нямеччыну. Калі ім усё ж удаецца перайсці польскую мяжу, то яны праз геалакацыю на тэлефонах знаходзяць правадніка (як паказвае практыка, гэта могуць быць грамадзяне самых розных еўрапейскіх краінаў), які павязе іх далей на захад. Дзеля перавозу мігрантаў выкарыстоўваюцца фургоны, куды змяшчаецца 30–40 чалавек, і машыны для суправаджэння. Звычайна такія легкавыя аўтамабілі ідуць наперадзе і ў выпадку праверак на дарогах сігналізуюць астатнім пра неабходнасць змяніць маршрут.

Агулам з пачатку міграцыйнага крызісу праз Беларусь у Нямеччыну трапіла ўжо больш за 6 тысяч мігрантаў.

Палітычныя наступствы

Аналітыка
Шантаж не дапаможа Менску сесці за стол перамоваў з ЕЗ
2021.10.18 19:38

Еўрапейскія палітыкі называюць дзеянні рэжыму Лукашэнкі «гібрыднай вайной». Еўразвяз гатовы ўвесці новы пакет санкцыяў супраць афіцыйнага Менску праз інспіраваны беларускім бокам міграцыйны крызіс на мяжы.

Канкрэтны змест новага санкцыйнага пакету пакуль невядомы, але канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла, што разглядаецца ў тым ліку ўвядзенне эканамічных абмежаванняў, каб «ясна паказаць, што мы асуджаем гэты від гандлю людзьмі».

Фота: ПБ / Белсат

Прадстаўнік ЕЗ у справах замежнай палітыкі Жузэп Бурэль заявіў, што трэба «паглядзець на авіялініі ды тураператараў, што супрацоўнічаюць з імі, выкарыстоўваючы людзей як зброю, штурхаючы іх праз мяжу, ствараючы сітуацыю, у якой моцна парушаюцца правы чалавека».

Пяты пакет санкцыяў Еўразвязу супраць беларускага рэжыму мае быць гатовы да канца кастрычніка.

Артыкулы
Амбасадар ЕЗ у Беларусі распавёў, супраць каго будзе скіраваны пяты пакет санкцыяў
2021.10.27 09:46

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў